• Triangle Нет света? Звоните: 144

Персанал раёна цеплавых сетак філіяла «Аршанская ЦЭЦ» вядзе актыўную падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезону

Лета - адказная і гарачая ва ўсіх адносінах пара для работнікаў раёна цеплавых сетак Аршанскай ЦЭЦ. У гэты перыяд на цеплавых сетках горада ідуць маштабныя рамонтныя работы.

У адпаведнасці з графікам энергетыкі паэтапна адключаюць гарачае водазабеспячэнне ў жылых мікрараёнах, каб правесці гідраўлічныя выпрабаванні цепласетак. Выканаць гэтыя працы без адключэння дамоў ад гарачай вады тэхналагічна немагчыма.

Самі выпрабаванні праводзяць у некалькі этапаў. Спачатку ўчастак трубаправода адключаюць ад сеткі. Затым, пасля напаўнення трубаправода вадой і спуску паветра, у яго самай высокай кропцы не менш чым на 10 хвілін усталёўваюць пробны павышаны ціск. Пасля яго плаўна зніжаюць да звычайнага. Калі ёсць пашкоджанне трубаправода, прыборы фіксуюць рэзкае зніжэнне ціску. У гэтым выпадку персанал раёна цеплавых сетак філіяла «Аршанская ЦЭЦ» шукае і ліквідуе гэта пашкоджанне. Затым праводзіцца паўторнае выпрабаванне ўчастка. Лічыцца, што трубаправод і яго элементы прайшлі гідраўлічнае выпрабаванне, калі не выяўлена цечы, падцёкаў, дэфармацый, расколін або прыкмет разрыву трубы.

У цяперашні час у Оршы праводзяцца гідраўлічныя выпрабаванні цеплавой магістралі і квартальных цеплавых сетак мікрараёнаў «Прывакзальны», «Чаромушкі» і «Усходні». Усе работы выконваюцца з захаваннем неабходных мер бяспекі. У ходзе выпрабаванняў было выяўлена больш за 20 дэфектаў на квартальных цеплавых сетках і на цеплавой магістралі ў раёне вул. Івана Якубоўскага.

Персанал філіяла аператыўна арганізаваў ліквідацыю выяўленых пашкоджанняў цеплавых сетак, ліквідаваўшы ўжо 18 дэфектаў. Усе астатнія работы будуць выкананы ва ўстаноўлены тэрмін у адпаведнасці з нарматыўным графікам.